ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ пры Белдзяржэстрадзе.

Існаваў у 1949—56 у Мінску. Паводле характару дзейнасці — вандроўны, абслугоўваў жыхароў раёнаў Беларусі. Гастраліраваў у Вільнюсе, Каўнасе, Калінінградзе і інш. У рэпертуары арыентаваўся на тагачасную і класічную драматургію: «Хто вінаваты» Г.​Мдывані, «За гарызонтам» І.​Гайдаенкі і І.​Беркуна, «Страчаны дом» С.​Міхалкова, «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Персанальная справа» А.​Штэйна, «Шальменка-дзяншчык» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі, «Палкоўнік Фостэр прызнае сябе вінаватым» Р.​Ваяна, «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Даманевідзімка» П.​Кальдэрона, «Украдзенае шчасце» І.​Франко, «Мачаха» А.​Бальзака. Рэжысёры: Ю.​Юроўскі (1951—52), А.​Струнін (1952—54), В.​Пацехін (1954—55), А.​Аркадзьеў (1955—56); асобныя пастаноўкі ставілі рэжысёры Т.​Гагава, У.​Кухта, К.​Саннікаў. У складзе трупы: засл. арт. Беларусі Ю.​Арончык, Г.​Лаўроў, П.​Масцераў, Л.​Федчанка; акцёры Т.​Бандарчык, М.​Бярозкін, Р.​Герштэйн, Я.​Громаў, В.​Дземянкова, Я.​Краўчанка, І.​Падляхоўскі, Н.​Сава, С.​Сакалоў, К.​Струніна. Рэарганізаваны (гл. Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 16, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)